Новости

» » » Девушка из Иваново получила 100 баллов на ЦТ по белорусскому языку

Девушка из Иваново получила 100 баллов на ЦТ по белорусскому языку

Рэйтынг стобальных здач цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах сярод школьнікаў Іванаўскага раёна ўжо некалькі год узначальвае беларуская мова. Нядаўна запаветныя сто балаў на ЦТ па роднай мове атрымала Соф’я Гетманчук – выпускніца СШ №3 г. Іванава, -- паведамляе "Зара".

Стобальны старт – упэўнены крок да мары дзяўчыны, якая з восьмага класа жадае быць перакладчыкам. Каб ажыццявіць задуманае і паступіць у Мінскі дзяржаўны Лінгвістычны ўніверсітэт, іванаўская школьніца ў адзіннаццатым класе паглыблена вывучала тры прадметы – беларускую і французскую мовы, а таксама гісторыю. З гісторыяй і французскай мовай Соф’я сябравала заўжды. У гэтым навучальным годзе, напрыклад, яна заваявала першае месца ў раённым этапе алімпіяды па гэтым прадмеце. На «вобласці» была шостай па французскай мове.

– Мая былая настаўніца французскай мовы Валянціна Раманюк запаліла моцнае жаданне сур’ёзна займацца гэтым прадметам. Яна, можна сказаць, паўплывала на выбар будучай прафесіі. Аднак планую вывучыць больш моў. Найперш, англійскую і кітайскую, – падзялілася планамі Соф’я Гетманчук.

Некаторы час дзяўчына вагалася, якую – рускую мову ці беларускую – здаваць у якасці трэцяга тэсту. Бо адзнакі па гэтых прадметах у школьным атэстаце Соф’і аднолькавыя. Усё ж вырашыла здаваць беларускую мову. Аднак, першы раз выканаўшы тэст са зборніка, адзінаццацікласніца крыху расчаравалася ў сваіх ведах. Правільна яна зрабіла 60 працэнтаў заданняў.

– Такі вынік матываваў мяне займацца ўзмоцнена. І хоць не надта люблю раздзел фанетыкі, надала яму асаблівую ўвагу. Марфалогія, напэўна, найбольш мне імпануе. Паступова стала задаволеная сваімі намаганнямі. На трох спробных тэстах атрымлівала даволі высокія балы – 92, 86, 90. Хацела, безумоўна, набраць іх як мага больш на заключным ЦТ, аднак перашкаджаў стэрэатып, прыдуманы мною: сто балаў даступныя толькі для медалістаў. Хаця асабісты атэстат неблагі – 94 балы, – паведаміла Соф’я.

І вось ён – дзень ікс. 16 чэрвеня іванаўская разумніца ў Пінску здавала тэсціраванне па беларускай мове. На выпрабаванне ездзіла з двума аднакласніцамі. Сяброўкі былі ў розных аўдыторыях. Соф’я доўга не заседжвалася: заданні варыянта нумар тры замест дзвюх гадзін выканала за сорак хвілін. Праўда, у самы апошні момант выправіла два адказы. Вагалася за дзвярыма, ці правільна паступіла, аднак разумела, што позна нешта мяняць.

– Як па мне, дык тэст быў няцяжкім. З аднакласніцамі пасля абмяркоўвалі заданні, спрачаліся. Чамусьці думала, што набяру 90 балаў. Мудра паступілі бацькі. Яны запэўнілі мяне, што будуць задаволеныя любым вынікам. Гэта заспакоіла, хаця, прызнаюся, жадала іх, але найперш сябе, здзівіць, – кажа дзяўчына.

Вынікі абяцалі 29-30 чэрвеня. Да абеда 29-га Соф’я некалькі разоў штурмавала інтэрнэт. Аднак безвынікова. У думках вырашыла ўжо на наступны дзень паглядзець балы. Мама ж у абедзенны перапынак нагадала пра іх. Таму дзяўчына ў чарговы раз зазірнула.

– У мяне пачаўся мандраж. З-за яго я забыла нумар свайго бланка. Уводжу зноўку, заплюшчваю вочы. Хутка прыадкрываю, і ў мяне шок – у графе «тэставы бал» стаіць лічба 100. Адразу ж парадавала бацькоў. Мама нават заплакала. Пасля сказала радасную навіну педагогу. А ўвечары таго дня разам з бацькамі адзначылі гэтую падзею. Пасля гулялі з сяброўкамі. Яны вельмі паспяхова здалі тэст па беларускай мове, але бездакорна выканала толькі я, – гаворыць Соф’я.

Ужо зусім хутка, пасля атрымання трох сертыфікатаў ЦТ Гетманчукі паедуць у сталіцу. Пазітыўная і камунікабельная Соф’я спадзяецца на тое, што яна абавязкова стане студэнткай.


+1
 

Это тоже интересно

Безработный отдал интернет-мошеннику 735 рублей за «трудоустройство» в Германии

Безработный отдал интернет-мошеннику 735 рублей за «трудоустройство» в Германии

В интернете мужчина познакомился с человеком, который обещал оказать ему содействие при трудоустройстве в чужой стране, а также обещал помочь с поиском жилья. За свои услуги интернет-собеседник попросил чуть более 735 рублей, которые житель Новой Мыши отправил ему денежным переводом. Однако сразу после того как средства были получены, посредник …