Новости

» » » Впервые в Бресте! Презентация нематериальных исторических ценностей Брестчины. Что за они?

Впервые в Бресте! Презентация нематериальных исторических ценностей Брестчины. Что за они?

У дзень роднай мовы, 21 лютага, у выставачнай зале па вул. Савецкай у Берасці адкрылі выставу «Жывая спадчына Берасцейшчыны», на якой паказаны дваццаць элементаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Берасцейшчыны.

У кожнага з вас ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю народных майстроў Рэспублікі Беларусь – разьбяроў Міколы Тарасюка з вёскі Стойлы Пружанскага раёна і Івана Супрунчыка з вёскі Цераблічы Столінскага раёна. Паглядзець на традыцыі ганчарнай вытворчасці з вёскі Гарадная Столінскага раёна і тэхналогіі ткацтва падвойных дываноў з Камянецкага раёна, а таксама даведацца пра абрад ваджэння Кусты з вёскі Лобча Лунінецкага раёна, традыцыя веснавых карагодаў Піншчыны і тройчага памінання продкаў Ганцаўшчыны.

Даведаецеся аб тэхналогіі вырабу шчэпавай птушкі-абярэга з Бярозаўскага раёна, традыцыях выпякання грэчанага хлеба Маларытчыны і аб многім іншым.

 У дзень роднай мовы тут прайшла прэзентацыя кожнага з элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама, як паведамiлi арганізатары, яны рыхтуюць дакументы на ўключэнне ў спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі драўляныя скульптуры народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка з вёскi Цераблічы Столінскага раёна i старадаўнюю тэхналогію вырабу драўлянага бандарнага посуду Іванаўскага раёна.

Лелікаўская сваха

У Кобрынскім раёне да сённяшняга дня захавалася традыцыя вырабу адметнага народнага строю, якую вылучылі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад назвай «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў вёсках Лелікава і Павіцце».

Сваха выконвала асаблівую ролю на лелікаўскім вяселлі.

Звычайна, на вяселлі, была старэйшая сваха і «свашкі» – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшай свахай выбіралі родную сястру ці родную цётку жаніха. Старэйшая сваха выконвала галоўную ролю, яна сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удакладняла іх пачатак і завяршэнне, удзельнічала ў галоўных момантах вяселля. Свашкі па чарзе спявалі прыпеўкі і танцавалі. Свах на вяселлі павінна было быць не менш, як пяць-сем.

З матэрыялаў навуковых даследаванняў вядома, што ў пачатку 20 ст. убор свахі з в. Лелікава адпавядаў строям замужніх жанчын Кобрыншчыны: ільняная сарочка, спадніца (ільняны «палатнянык» або шарсцяны андарак), фартух, тканы пояс з падоўжна-паласатым арнаментам. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў. Адметнасць убрання свахі – незвычайны галаўны ўбор, які складаецца з плата і стракатай кароны з паліхромных стужак і рознакаляровага пер’я з хваста і шыі пеўня.

 Спораўская полька

Мясцовыя святы ў вёсцы Спорава па-сённяшні дзень не абыходзяцца без “Спораўскай полькі”, фігурамі якой валодаюць амаль усе вяскоўцы, у тым ліку і моладзь.

“Спораўская полька” – каларытны і яркі танец, які адносіцца да парна-гуртавых танцаў, вылучаецца тым,што ў час танца, ногі танцораў амаль што не адрываюцца ад падлогі, рухі павольныя і стрыманыя, а адносіны паміж хлопцамі і дзяўчынамі сціплыя і сарамлівыя. Між іншым, сам танец каардынаваны і рытмічны, ён захапляе сваёй нарастаючай дынамікай, а камандныя выкрыкі дадаюць эмацыянальную зладжанасць у адзіным прасторы танца. Усяго можа быць ад 12 да адвольнай колькасці каманд, якія адлюстроўваюць розныя элементы танца, пры чым не страчваецца яго гульнёвы характар.

 Вясельны каравай

Вясельны каравай – гэта сімвал дабрабыту і шчасця маладой сям’і. Па сённяшні час у вёсцы Моталь захоўваецца старадаўні звычай выпечкі, упрыгожвання і міжродавага падзелу абрадавага хлеба – каравайная традыцыя. Менавіта, з выпечкі каравая пачынаецца вяселле. Для гэтага спецыяльна запрашаюцца жанчыны-каравайніцы, абавязкова шчаслівыя ў шлюбе, бо лічыцца, што яны могуць сваёй энэргетыкай паўплываць на лёс маладых, перадаць ім сваю долю.

Каравайная частка вясельнага абраду ўключае ў сябе шэраг адказных чынаў: расчыненне, замес, гібанне, сажанне ў печ, выйманне з печы, упрыгожванне, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі дзеяннямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Спецыяльным упрыгожваннем для каравая з’яўляюцца “шышкі” – галінкі садовых дрэў, і “барылца” – жгуты цеста абвітыя вакол іх па спіралі. Каравай выпякаецца ўжо ўпрыгожанным, а потым шышкі аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі.

Двухасноўнае (падвойнае) ткацтва 

Найбольш цікавай і арыгінальнай з’явай беларускага народнага ткацтва было і застаецца двухасноўнае (падвойнае) ткацтва. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на другую палову ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява. Такія падвойныя (двухасноўныя) дываны быццам складаюцца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. Для асновы бяруць тоўстыя ільняныя або баваўняныя ніткі, для ўтку – шарсцяную пражу хатняга вырабу.

Прадзеныя ўручную ніткі надаюць дывану пэўную пругкасць, а ўзорам – рэльефнасць. Лічба “два” – ключавая ў тэрміне “падвойнае ткацтва”: двухколеравая гама дывана, два колеры нітак, якія закладваюцца ў кросны, два бакі дывана – у яго няма споду – аднолькава прыгожыя і акуратныя, толькі колеры паўтараюцца люстэркава: калі з аднаго боку жоўты ўзор на карычневым колеры поля, то з другога – карычневы на жоўтым. Часцей за ўсё ўжываюцца ніткі чырвонага (і яго адценняў), зялёнага, сіняга, чорнага колераў, выкарыстоўваючы два кантрастныя колеры: зялёны – з карычневым або чырвоным, чырвоны – з фіялетавым або чорным і г.д. 

Вясновы абрадавы карагод “Стрылка” 

Штогод на першы дзень Вялікадня, у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна, адбываецца своеасаблівы абрад, які існуе толькі ў гэтай мясцовасці. Гэта ўнікальная лакальная з’ява да якой старанна рыхтуюцца і якая з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры. Сутнасць вясновага абрадавага карагода “Стрылка” заключаецца ў дазволе да гулянняў пасля Вялікага паста, гэта сваеасаблівы зварот да вышэйшых сіл з надзеяй на новы багаты ўраджай, лепшую долю, шчасце і здароў’е для малых і дарослых, для ўсіх вяскоўцаў.

Пасля Вялікоднай службы ў царкве (служба ў Бездзежы называецца “Нешпар”), усе збіраюцца на плошчы ля крыжа, дзе бацюшка акрапляе ўсіх прысутных вадой, і завадатар (самая старэйшая паважаная жанчына, маючая добрую сям’ю), ставіць маленькіх дзяўчынак “зярнятак” у выглядзе трохкутніка, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца вакол іх па сонцу, агінаючы “зярнятак” у выглядзе падковы, спяваючы карагодную песню. Адметна, што ў абрадавым карагодзе “Стрылка” удзельнічаюць толькі дзяўчаты і жанчыны.

“Ваджэнне куста” 

“Ваджэнне куста” – гэта яркая рэгіянальная адметнасць траецкага свята на Брэстчыне. Дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы абыходзячы ўсе двары, спявалі абрадавыя песні ў якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту. “Куста” лічылася сімвалам ураджаю. З цягам часу абрад пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў трансфарміраваўся і набыў шлюбную накіраванасць і стаў надзеяй і пажаданнем добрага шлюбу.

Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты. Гурт з Кустай абыходзіць вёску з святочнымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.

Абрад “Намскі Вялікдзень” 

Абрад “Намскі Вялікдзень” з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в.Аброва Івацэвіцкага раёна і праводзіцца штогод у чацвер Вялікоднага тыдня.

Першы чацвер пасля Вялікадня – асаблівы дзень для Аброва, амаль ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень – Намскі, што азначае “наш”, “нам дадзены”. Сёння для мясцовых жыхароў гэта радасная і ўзнёслая падзея. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя, калі зарадзіўся гэты абрад, аброўцам было не да святаў. Пачалося ўсё з таго, што ў вёсцы сталі хварэць і паміраць дзеці. Ніхто не мог дапамагчы і не ведаў, што рабіць. І тады старыя людзі падказалі: жанчынам вёскі ноччу сабрацца ў адной хаце, напрасці нітак і саткаць з іх за адну ноч рушнік. А мужчынам у гэты час змайстраваць ківот для абраза Маці Божай, паставіць туды абраз, накрыць яго сатканым за ноч рушніком і абысці ўсю вёску па крузе, заходзячы ў кожны двор. Так і зрабілі. І здарыўся цуд: дзеці акрыялі, мор адышоў. А жыхары вёскі з таго моманту далі сабе зарок: вось так абыходзіць вёску штогод у чацвер пасля Вялікадня, і тады ліхалецце і няшчасці будуць мінаць Аброва. Таму Намскі Вялікдзень – з так званых “заветных свят”, ці аброчных дзён, якія былі ўстаноўлены па абяцанні як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору і іншых няшчасцяў. Слова сваё аброўцы стрымалі: абрад здзяйснялі з года ў год.

Iнсiтная драуляная скульптура

МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ ТАРАСЮК – самабытны майстар разьбы па дрэве. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў в.Стойлы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці У 2002 годзе “за стварэнне ўнікальных драўляных расфарбаваных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры” ён узнагарожданы спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “народная творчасць”.

У 1999 г. М.В. Тарасюк уласнымі сіламі пабудаваў на сваёй сядзібе ў в.Стойлы музей, які назваў “Успаміны Бацькаўшчыны”. У музеі сабрана каля 100 работ майстра – скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця (выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбованы і ўмацаваны на падстаўках, плеценых з лазы).

Творы М.В. Тарасюка – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, у яго скульптурах адлюстраваны ўсе важныя этапы чалавечага жыцця: ад нараджэння да смерці.

Творчасць гэтага сялянскага майстра – унікальная мастацкая з’ява. Яго творы маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і адметныя тым, што яны моцна звязаны з каранёвай народнай традыцыяй. Яны вартыя экспанавацца ў лепшых музеях свету, а імя майстра можа быць унесена ў сусветную энцыклапедыю інсітнага (наіўнага) мастацтва.

14.01.2015 года Мікалая Тарасюка не стала, але ягоная філасофія і ягоная творчасць жыве ў яго работах. 

Ганчарны промысел ў Гарадной  

Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці славутая сваім ганчарным промыслам, які бярэ пачатак у XV стагоддзі. Першая літаратурная згадка пра Гарадную адносіцца да 1448 года. У мінулым Гарадная мела статус мястэчка і валодала Магдэбурскім правам і ўласным гербам. Сёння вёска Гарадная – цэнтр сельскага савету.

Да нашага часу ганчарны промысел ў Гарадной існуе ў сваім аўтэнтычным стане. Тут захавалася традыцыйная тэхналогія апрацоўкі гліны, вырабу посуду на нажных ганчарных колах і яго апалу, існуе мясцовая метралогія – сістэма назваў ганчарных форм. Традыцыйны гараднянскі посуд мае буйныя, шарападобныя формы, дасканалыя прапорцыі. Найбольш характэрны белагліняны посуд з выразным дэкорам – роспісам чырвонай глінай (ангобам).

«Княжая Гара»

Тапанімічны аб’ект «Княжая Гара» – урочышча Княжая Гара, в.Ляхчыцы Кобрынскага раёна

У паўднёвым напрамку ад вёскі знаходзіцца пагорак, які называецца Княжая гара. Пагорак мае вышыню ў амаль 10 метраў, аднак, непадалёк размешчаныя і больш высокія ўзгоркі.

Пра Княжую гару існуе мясцовае паданне. 

 Шчэпавая птушка-абярэг

У народнай культуры Бярозаўскага раёна традыцыя вырабу выявы птушкі расшчапленнем драўніны мае даўнія глыбокія карані. Птушка трывала існавала ў быце сялян не адно стагоддзе і набыла свае адметныя рысы і формы з адмысловымі прыемамі выканання.

Сфарміраваныя формы надаюць птушцы легкасць і чуласць да руху паветра. У абрысах праглежваецца імкненне да развароту перынак у кола, што вонкава нагадвае стылізаванае сонейка ці расчыненую далонь, якая аберагае, ахінае. Выразаны па краях перынак узор, мае геаметрычныя, традыцыйныя формы трохкутніка. Калі перынкі зводзяцца ў замок, трохкутнікі змыкаюцца і атрымоўваецца прамавугольнік.

Шчэпавая птушка з’яўляецца традыцыйнай цацкай для немаўля. Лёгкая рухомая птушка, як расчыненая далонь маці адначасова з’яўляецца абярэгам ад “дурнога вока” і “урокаў”. А ў час Вялікіх святаў птушка ўпрыгожвала чырвоны кут, абярагала дом і сям’ю.

Традыцыя памінання продкаў 

Традыцыя памінання продкаў агр. Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна з’яўляецца значным элементам мясцовай культуры. Традыцыя ўяўляе сабой як калектыўны, так і асабісты зварот да продкаў з мэтай іх ушанавання, просьбай лепшага жыцця, здароў’я блізкім і родным, добрага ўраджаю, аховы ад розных магчымых катаклізмаў.

Штогод на могілкі “будзіць продкаў” ідуць тройчы: на другі дзень Вялікадня, на Успенне, на Дзяды.

Пасля Благавешчання ідуць на могілкі прыбіраць, затым дома вышываюць жанчынам фартушкі, памерлым мужчынам ручнікі. Вяскоўцы лічаць, што “Паска валікое свято не одно для жывых, яго і ўмерлыя ждуць”. 

Калядны карнавал “Конікі”

Шчадроўны абрад “Конікі”, які штогод ладзяць 13 студзеня жыхары Давыд-Гарадка, увайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе.

Да ўнікальнага свята рыхтуюцца цэлы год, шыюць касцюмы ды вырабляюць маскі, а затым асобнымі гуртамі калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі. Гаспадары шчодра іх адорваюць. 

Традыцыйныя маскі – гэта Дзед і Баба (сімвалізуюць продкаў), Мядзведзь, якога вядзе на ланцугу Цыган, Цыганка з лялькай-немаўлём варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць пра падыход начных шчадроўнічкаў, Чорт, Смерць з касой – пужаюць дзяцей, а Бык, Казёл, Карова, Ліса, Баран, Заяц уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства па сітуацыі. Прычым, многія маскі – з музычнымі і сігнальнымі інструментамі: ражок, горн, гармонік, акардэон, баян, барабан і іншыя. На чале кожнага гурта - вершнік на Кані (ён носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай Каня, сам апрануты ў шынэль, у руках шабля або іншыя атрыбуты). Выконваюцца традыцыйныя песні-шчадроўкі.

Карагодная традыцыя

У самым цэнтры беларускага Палесся, у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, існуе старажытная карагодная традыцыя, дзеі якой адбываюцца штогод, у першы дзень Вялікадня і да панядзелка наступнага тыдня.

Святочны тыдзень Вялікадня (Велікодны тыдзень), пасля ранішняй царкоўнай службы, пачынаецца з гульняў і карагодаў. Жанчыны і дзяўчыны, з асаблівым хваляваннем і радасцю, пасля Вялікага посту, калі спяваць забараняецца, заводзяць першым танок “Траўка-мураўка чым нэ зэлёна…”, які спрыяе “абуджэнню” зямлі і росквіту расліннасці. Карагоды, сімвалізуючы вітанне сонечнага свяціла, праходзяць праз усю вуліцу, спыняючыся на скрыжаваннях, паступова далучаюць у свае кола жаночую палову жыхароў вёскі. Мужчыны і хлопчыкі – гуляюць на ў біткі, качаюць яйкі па зямлі ці з дошчачак.

 

 Наступны тыдзень – праводны (на мясцовым дыялектце – проводна нэділя). У панядзелак пасля Вялікоднага тыдня адбываюцца абрадавыя дзейства “Провады зімы”, якімі, па народнай традыцыі, праганялі зіму за раку. Провады складаюцца з карагода-шэсця жанчын, што паступова пераходзіць у бег з разрываннем вяровак-“путаў зімы”, сімвалічна нацягнутых праз вуліцу і выхадам на бераг ракі, дзе здзейсняюцца рытуалы, накіраваныя на багаты ўраджайны год і счаслівую дзявоцкую долю.

 Сушана рыба у печы

Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы і культурную прастору, якія прызнаныя супольнасцю некалькіх вёсак Бярозаўскага раёна ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. Гэтая традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення, пастаянна ўзнаўляецца і фарміруе пачуццё самабытнасці і пераемнасці.

Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і традыцыйныя стравы з яе карыстаюцца вялікай павагай і гатуюцца ў сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здітава і Хрыса Бярозаўскага раёна. Кулінарныя рыбныя традыцыі рэгіёну – гэта прастата народных рэцэптаў, шырокае выкарыстанне мясцовых прадуктаў і іх незвычайныя камбінацыі.

Традыцыя сушыць рыбу на саломе і гатаваць стравы на яе аснове не перарывалася. У кожнай хаце гаспадары (ці адзін з іх), маюць дачыненне да гэтай традыцыі. Яны ловяць, гатуюць і частуюць гасцей сушанай рыбай.

 Саломапляценне

Саломапляценне на Берасцейшчыне – традыцыйны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджаны на тэрыторыі ўсёй вобласці. Жывая народная традыцыя страціла ўтылітарнасць, але набыла дэкаратыўную мастацкасць, праз якую транслюе гісторыю. Сувенірныя вырабы з саломы – адметная рыса прэзентацыйных мерапрыемстваў аб Беларусі. Гэта спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць нашчадкам, як адзін з прыкладаў этнічнай самабытнасці нашага народа.

Сучасныя вырабы з саломы – гэта метафарычная трансляцыя гістарычнай самабытнасці нашага народа, этнаграфічная з’ява, якая сфарміравалася ў важкі па сваёй грамадска-культурнай значнасці вобраз, атрымаўшы назву “беларуская саломка”.

Грачаны хлеб

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “традыцыя выпякання грачанага хлеба” ўвайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе.

Калісьці, у славян, існаваў звычай – людзі, адламаўшыя ад бохана кавалак хлеба, станавіліся сябрамі на ўсе жыццё. Хлебам сустракалі з вайны, хлебам паміналі нябожчыкаў, з хлебам ды соллю чакалі жаданых гасцей, хлеб быў галоўным атрыбутам святаў.

Пякарная традыцыя найбольш захавалася ў аг. Арэхава, в. Брадзяцін, аг. Гвозніца, в. Дрочава, в. Сушытніца, в. Хаціслаў, в. Ужова, в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна. У залежнасці ад арэала распаўсюджвання традыцыі, хлеб з грачанай мукі мае свае ўстойлівыя і непаўторныя назвы, якія бытуюць у этнічнай супольнасці і маюць свае фанетычныя асаблівасці: самыя распаўсюджаныя з іх: “грэчанык”, “бабка”, “грэчаны хліб”.

У кожнай гаспадыні сваі адметнасці прыгатавання смачных боханаў хлеба з грачанай мукі. Але, галоўны сакрэт сапраўдных грачанікаў – хатняя мука, памолатая старым дзедаўскім спосабам – пры дапамозе каменных жорнаў, альбо млына.

Более падрабязна аб нематэрыяльнай культурнай спадчыны Берасцейшчыны можна даведацца на сайце Брэсцкага АГКЦ

Фота и вiдэа Наташы ПАРМОН


+1
 

Это тоже интересно

Павильон возле фонтана на Советской сдают в аренду под общепит

Павильон возле фонтана на Советской сдают в аренду под общепит

Павильон по ул. Советской, 62А имеет площадь 143,8 кв. м. Начальная цена права заключения договора аренды капитального строения на аукционе – 608,27 рубля. …