Новости

» » » 78-летняя женщина-фермер из Малориты управляется с трактором «Беларус»

78-летняя женщина-фермер из Малориты управляется с трактором «Беларус»

Не зря же говорят, что талантливый человек талантлив во всем. Простая деревенская женщина Вера Шигалёва не только заправски управляет трактором, но при необходимости найдет в машине любую неполадку. Еще сама может сложить печь и построить из кирпича летнюю кухню.

А в печи потом испечет ароматный гречаник и вышьет своими руками скатерть. При этом Вера Васильевна знает все тонкости агрономического дела: на ее полях растут помидоры разных сортов и другие овощи. Образования у пенсионерки — всего начальная школа. А еще 78 лет жизненного опыта, пишет «Звязда».

Пра дзяцінства, якога не было

Адразу відаць, што Вера Шыгалёва з тых людзей, якія і паўгадзіны не могуць пасядзець без работы. Пакуль размаўляем, гаспадыня наразае памідоры для будучага соусу. Ураджай таматаў гэтым летам вырас нядрэнны, а вось збыць вырашчанае — самая вялікая праблема для фермераў і гаспадароў. Гэтым займаецца сын Аляксандр, з сям'ёй якога яна зараз жыве. Пра сваё жыццё пенсіянерка з вёскі Арэхава, што на Брэстчыне, разважае крыху па-філасофску:

— Дзяцінства ў мяне, можна сказаць, не было. Самыя «яркія» ўспаміны з малых гадоў падобныя на спецыфічнае адчуванне ў раёне страўніка, увесь час моцна хацелася есці. Як цяпер памятаю, зайшла да суседзяў, іхняя маці на стол высыпае вялікі чыгун бульбы, сям'я вячэрае бульбай з салёнымі гуркамі. Мне яны даюць дзве бульбіны і невялікі агурок. Я дзякую, з'ядаю. Выходжу, а адчуванне голаду не прападае. У нас адзін час і бульбы не было ўволю…

Нарадзілася ў 1942 годзе ў вёсцы Вотчын, — працягвае. — Бацьку забралі ў 1944-м на фронт, вярнуўся дадому ў 1947-м, ён актывіст быў, першы запісаўся ў калгас. Яго паважалі, франтавік, аўтарытэт, следам за ім тады многія заявы падалі. Але ж у нас тут доўга пасля вайны банды па лясах гойсалі. Аднойчы ён убачыў, як нягоднікі магазін рабавалі. Вось і прыйшлі за ім, каб пазбавіцца ад лішняга сведкі. Яго павялі ў лес, там і забілі. Нам жа нават пенсіі не давалі потым, бо нехта выказаў меркаванне, што ён сам мог пайсці ў банду. А хто тады асабліва разбіраўся? У мамы праз два месяцы пасля гібелі бацькі дзяўчынка нарадзілася. Так вось мы і выжывалі ўтрох. У школу толькі пачатковую хадзіла. Настаўніца ў нас была, да гэтай пары памятаю, Зінаіда Андрэеўна з Бранска, а я ў яе — адна з лепшых вучаніц. Таму з Хаціслава потым прыехаў дырэктар школы, угаворваў маці аддаць мяне ў інтэрнат, бо за 8 кіламетраў школа сярэдняя, час неспакойны. Прывёз для мяне чаравікі, сукенку, паліто, у мяне ж не было чаго апрануць. Але маці сказала, як адрэзала: «З граматы хлеба есці не будзе». І не пусціла.

Сям'я і работа

Так Вера і пачала сваё працоўнае жыццё. Наймалася да гаспадароў пасвіць кароў на лета. Жыла па два тыдні ў аднаго, потым у другога, у трэцяга. Там кармілі і спраўлялі нейкую вопратку. Увосень за кожную карову давалі 200 рублёў. Для сям'і гэта была вялікая падмога. У пачатку 60-х, як і многія маладыя, паехала на заробкі ва Украіну. Адтуль прывезла паўтоны пшаніцы, мех цукру і 700 рублёў. «Як напяклі дома духмяных булак, во гэта было свята! — успамінае суразмоўніца. — Я тады паправілася, расцвіла як дзяўчына. У той год і сустрэла прама ў полі свайго Лёню. Ён быў малады спецыяліст, прыехаў па накіраванні інжынерам-механікам у калгас. Карову гнала з поля, пазнаёміліся. Лета сустракаліся, патанцавалі ў клубе, а восенню сям'ю ўжо стварылі». Так Вера Бягеза стала Верай Шыгалёвай.

Спачатку працавала даяркай у калгасе. Успамінае, як на першай пары рукамі кароў даілі. Акрамя таго ад даяркі патрабавалася корм жывёле раздаць і гной са стойлаў папрыбіраць. «А як дзяжурыш па кароўніку, то мусіш два прычэпы травы разнесці і падзяліць на дзевяць куч — па колькасці груп. Ды яшчэ і сварацца таваркі бывала: «Ты, маўляў, сабе найбольш пакінула». Вось такая работа была, і двое дзяцей ужо, і свая гаспадарка не малая, якую трэба было дагледзець. Спачатку працавалі і жылі ў Хаціславе, потым перавялі мужа ў Арэхава, ён загадваў калгаснай майстэрняй.

Ад «шасіка» да МТЗ

У Веры ўзніклі праблемы са здароўем. Пасля аперацыі ёй выдалі даведку, што цяжкая работа забароненая. На ферму не пойдзеш сілас цягаць і гной выграбаць, памеркавалі з мужам, ён параіў ісці вучыцца на трактарыста. Тут якраз Маларыцкае СПТВ філіял арганізавала, навучанне вялося ў вёсцы. Вось муж і сказаў ёй: «Будзеш ці не будзеш працаваць, час пакажа, а павучыцца год можаш, тым больш, што стыпендыю 48 рублёў плацяць». А калі стала вучыцца, зразумела, што гэта яе. Інтарэс да тэхнікі праявіўся адразу, гэта і майстры-інструктары заўважылі. Экзамен здала без праблем і паспяхова. У калгас якраз прыбыў трактар Т-16 (яго называлі «шасік», трактар, у якога кузаў спераду).

— Я на тым «шасіку» ўсё рабіла: сена касіла, бульбу акучвала, сянаж трамбавала, малако з вёскі вазіла. Раз заехала па сянаж, мае дзяўчаты грузяць ды бурчаць: «Вось Шыгаліха сядзіць, паглядае, а мы спіны гнём», а я ў адказ: «А хто вам не дае? Ідзіце вучыцеся». Некаторыя і пайшлі, але не атрымалася ў многіх. Напрыклад, Марыя, што са мной вучылася, і паўгода не папрацавала, разміналася з камбайнам раз, перавярнулася і болей за руль не села, сказала: не маё.

Праз тры гады ў гаспадарку прыйшоў новы Т-40, яго Веры Шыгалёвай далі як вопытнаму спецыялісту. Адразу давялося працаваць на вельмі адказным участку — на тралёўцы лесу. Бярвенні выцягвалі з дзялянкі, потым іх нагружалі ў прычэп і трактарыст везла драўніну на пілараму.

— Тэхніку я любіла, — успамінае Вера Шыгалёва. — Спачатку на трактары працавала, потым яшчэ шэсць гадоў была наладчыкам у майстэрні, працавала на рамонце трактароў.

Пра вопыт фермерства

А ў 1991 годзе калгасы сталі ўзбуйняць, мужа скарацілі на рабоце. І Шыгалёвы рызыкнулі ўзяць участак зямлі. Яны сталі фермерамі аднымі з першых у раёне. Купілі ў калгасе стары спісаны «шасік» і пачалі гаспадарыць. «Першыя свае чатыры гектары так апрацоўвалі, — смяецца гаспадыня, — раскажы сёння, не павераць, хоць кіно здымай пра тое. Вырашылі паспрабаваць прычапіць да трактара звычайны дзедаўскі плуг, які конь цягае. Спачатку я села за руль, ён становіцца за плуг, еду на першай скорасці, а ён крычыць, лаецца, не паспявае. Тады я здагадваюся, уключаю паніжаную, ён ужо паспявае, потым мяняемся, я станаўлюся за плуг. Намучыліся, але ўзаралі. Пасеялі, ураджай сабралі. Праз некаторы час зямлі ўзялі яшчэ, вырошчвалі агародніну, прадавалі патроху, тэхніку змаглі абнавіць. Праўда, пакуль знайшлі патрэбны севазварот, паездзілі ў лабараторыю, пасядзелі за літаратурай, параспытвалі ў людзей. На адным участку, напрыклад, не раслі памідоры, бо аналіз паказаў перадазіроўку гербіцыдаў. Аказалася, раней калгас тут перабаршчыў з ядахімікатамі, давялося зямлю мяняць».

Тады ўсё пачыналі з нуля, на ўсім гузы набівалі. Рынкі збыту трэба было асвойваць, гэта зусім новая справа для гаспадароў. Згадала Вера Васілеўна, як аднойчы яны ўвесь ураджай здалі оптам у нарыхтоўчую кантору. Тады толькі грошы беларускія з'явіліся, зайцы, вавёркі на іх намаляваныя. А выручку ім выдалі пачкамі з купюр невялікай вартасці. Іх аказалася столькі, што гаспадар прынёс звычайны мех, злажыў пачкі і закінуў за плечы. У той дзень ім яшчэ спатрэбілася да сваякоў заехаць. Зайшлі, а гаспадары ім з парога: «Куды вы з мяшком у хату працеся, кіньце яго ў сенцах». А яны ў адказ: «Як гэта, кінуць, там жа грошы!» Во смеху было потым.

— На зямлі, вядома, не разбагацееш, але на прыстойнае існаванне сям'і зарабіць можна, калі не ленавацца, — робіць выснову фермерка са стажам.

Ужо амаль пяць гадоў няма яе спадарожніка жыцця Леаніда Мікалаевіча. Справу падхапіў сын. Цяперашні трактар МТЗ-82 «Беларус» ужо чацвёрты па ліку ў гаспадарцы. Ёсць уся прычапная тэхніка. Вядома, на трактары ўпраўляецца Аляксандр Леанідавіч. Але і матулю ніхто з рахунку не спісвае. Аднойчы ў маладога гаспадара спіну прыхапіла, а работа была неадкладная, дык маці спакойна села за руль і ўсё што трэба зрабіла. «Калі капусту, скажам, грузім, то я не чакаю, каб хто пад'ехаў, сама сядаю і падганяю машыну. Для мяне гэта не праблема», — кажа яна.

І пячнік, і муляр

Як і не была праблемай любая іншая работа з самых маладых гадоў Веры. Успомніла, як давялося скласці грубку самой. «Ну, так выйшла, — разводзіць рукамі пенсіянерка. — У нас тады толькі сын нарадзіўся, а дом халодны, сцены бетонныя. Печка зусім развалілася». Муж сказаў ёй печ разабраць, абяцаў прывезці печніка. Яна расчысціла пляцоўку, прывезла на «шасіку» цэглы, гліны, а пячнік… так і не прыйшоў. Тым часам у суседзяў майстар з Маларыты печку клаў. Вось яна і панадзілася туды хадзіць і глядзець. А майстру весялей, цікаўнай кабеце ён расказвае, паказвае, падкрэсліваючы сваё ўменне, потым яшчэ сказаў, што як закончыць, то да яе прыйдзе. Калі ж работу скончыў, то і ў яе ўжо печка гатовая была. Вось здзівіўся дзядзька, сказаў толькі: «А я думаў, баба работы не мае, што стаіць гадзінамі, назірае».

Тая печка і цяпер служыць новым гаспадарам. А сабе Шыгалёвы потым дом у Арэхаве пабудавалі, і печы ў ім яна ўжо як вопытны пячнік складвала. Неўзабаве і людзям стала дапамагаць, суседу печ злажыла, потым — другому, цяпер і не ўспомніць дакладна, колькі людзей каля яе агню грэецца.

Летнюю кухню, падобную на невялікі дамок, з цэглы сама склала. Ці трэба казаць, што вялікую рускую печ у гэтай летняй кухні гаспадыня пабудавала таксама сама. Цяпер нярэдка шчыруе каля печкі, радуе сямейнікаў смакатой, бо на газавай пліце так смачна не зварыш. А пра гэтае памяшканне ўспомніла, зноў засмяялася: па суседстве хлопцы хату ўзводзілі, дык гаспадар неяк да слова сказаў, што побач жанчына летнюю кухню паставіла. Прыйшлі паглядзець: абышлі вуглы, памералі — і не паверылі, што сама.

Чацвёра дзяцей выгадавала, шасцёра ўнукаў мае. Усе працуюць, за ўсіх бабуля радуецца. Ужо і чацвёра праўнукаў падрастаюць. «На юбілей, дай Бог дажыць, — сказала, — вялікая сям'я збярэцца». Ёй ёсць што сказаць родным. Яна пражыла зусім нялёгкае жыццё, але не страціла аптымізму, жыццёвай цвёрдасці, гэта пра яе сказана: што нас не забівае, тое робіць нас больш моцнымі.

Са старшынёй Арэхаўскага сельскага Савета Святланай Вітаноўскай ужо збіраемся развітвацца, калі Вера Васілеўна прыносіць здымак з сямейнага альбома, дзе яна 20-гадовая. З партрэта глядзіць прыгажуня, нечым падобная на актрыс пакалення 60-х. Размова заходзіць аб тым, кім бы магла стаць вясковая дзяўчына, каб ёй удалося атрымаць адукацыю. «Можа інжынерам, а можа, кнігу напісала б», — усміхаецца гаспадыня, паказваючы, што жартуе. Але мы ахвотна верым.


+1
 

Это тоже интересно

Под дождем. В Брестской крепости прошел Марш мужества в честь Валерия Халилова

Под дождем. В Брестской крепости прошел Марш мужества в честь Валерия Халилова

Художественный руководитель Академического ансамбля песни и пляски Российской Армии имени А.В. Александрова, народный артист Российской Федерации, генерал-лейтенант Валерий Михайлович Халилов. 25 декабря 2016 года Валерий Халилов погиб в авиакатастрофе. Он вместе с другими артистами ансамбля имени Александрова находился на борту направлявшегося …