Международный пленэр гончаров в Столинском районе пройдет с 24 по 31 августа 24-07-2022, 19:40 Праздники, события / Под родной крышей Арганізатарамі пленэру з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» і Столінскі райвыканкам. Упершыню Міжнародны пленэр ганчароў адбыўся ў 2008 годзе для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы захавання і падтрымкі ўнікальнага ганчарнага рамяства вёскі Гарадная Столінскага раёну, якая знакаміта сваім промыслам яшчэ з пачатку XVI стагоддзя. Усе сакрэты тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу і мастацкіх прыёмаў стварэння ганчарных форм перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Да цяперашняга часу ганчарная справа, якую працягваюць патомныя гараднянскія майстры, захоўвае сваю аўтэнтычнасць. Яна праяўляецца ў традыцыйнай апрацоўцы гліны, вырабе посуду на нажных ганчарных колах і яе абпале. Тут нават існуе мясцовая метралогія – спецыяльная сістэма назваў ганчарных форм. Традыцыйна раз у два гады Міжнародны пленэр збірае майстроў з розных куткоў свету для абмену вопытам і падтрымкі ганчарнага рамяства. У VII Міжнародным пленэры ганчароў прымуць удзел 25 майстроў керамікі, якія валодаюць тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі вырабу дробнай пластыкі і ганчарства, а таксама займаюцца адраджэннем і развіццём ганчарнага промыслу. Пад час пленэру пройдуць майстар-класы, выставы, творчыя сустрэчы, ушанаванні патомных ганчароў вёскі Гарадная, а таксама знаёмства з каларытам Брэсцкага Палесся. Самыя цікавыя работы ўдзельнікаў VII Міжнароднага пленэру ганчароў дапоўняць найбагацейшую калекцыю музея Цэнтра ганчарства в. Гарадная. Дарэчы, музей ганчарства, які быў створаны ў 2008 годзе, налічвае больш за 500 экспанатаў керамістаў-ганчароў з 12 краін свету: Арменіі, Грузіі, Даніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Швецыі і Беларусі. VII Міжнародны пленэр ганчароў в. Гарадная Столінскага раёна завяршыцца 31 ліпеня традыцыйным святам «Гараднянскі кірмаш», дзе можна будзе пазнаёміцца з вырабамі, створанымі майстрамі на працягу тыдня, паўдзельнічаць у майстар-класах і набыць сувеніры. Асаблівасцю Гараднянскага кірмашу 2022 года стане яскравейшае мерапрыемства традыцыйнай культуры – этнапраект «Рух зямлі». «Рух зямлі» – своеасаблівая каляндарна-абрадавая мапа Брэстчыны, якая адлюстроўвае гадавое кола жыцця нашых продкаў. У гэтым годзе наведальванікаў этнапраекта «Рух зямлі» на Гараднянскім кірмашы чакаюць асноўныя абрады земляробчага календара вясенне-летняга цыклу, якія захаваліся ў Брэсцкай вобласці. Такі сінтэз каляндарна-абрадавай і рамесленай дзейнасці на Гараднянскім кірмашы – як вынік культурнага адзінства і непадзельнасці агульнай справы – дае магчымасць носьбітам фальклору і рамёстваў усвядоміць важнасць тых спраў, якімі яны займаюцца, а наведвальнікам свята яшчэ раз звярнуцца і насалодзіцца багатай культурнай спадчынай нашай самабытнай Брэстчыны. Запрашаем СМІ і ўсіх зацікаўленных на асноўныя мерапрыемствы VII Міжнароднага пленэру ганчароў: - адкрыццё пленэру – 24 ліпеня, 18.30. Месца правядзення: Цэнтр ганчарства (Столінскі раён, в. Гарадная, пл. А.Клімчука, д. 11) - свята «Гараднянскі кірмаш» – 31 ліпеня, 11.00. Месца правядзення: плошча в. Гарадная Столінскага раёна. +1 Поделиться